Гурт Разбітае Сэрца Пацана
Описание: Трас-поп калектыў "Разбітае сэрца пацана" быў заснаваны ў сценах Універсітэта культуры ў канцы 1990-х. А задумалі такую справу два студэнты гэтай установы Дзяніс Тарасенка, вядомы па гурце "Склеп" і Саша Маленькі (пазней вядомы ды-джэй Цім Карамыслаў). Дуэт праіснаваў пару дзён, даў шэраг канцэртаў у аўдыторыі, усіх заваяваў і сышоў у нябыт да 2005 года, калі Дзяніс Тарасенка з аднакурснікам Паўлам Гарадніцкім рэанімавалі ансамбль, пакінуўшы назву, канцэпцыю, запал, цемрашальства і прылады: баян і піяніна-раяль-сінтэзатар. Калектыў стаў прабівацца на вяршыні шоў-бізнесу. "Кулькоўскія" старажылы сцвярджалі, што "так “кулёк” ніхто не рваў". Праводзіліся акцыі "Даеш трохразавае пітаніе ў студзенчаскія масы" - канцэрт прама ў "кулькоўскай" сталовай падчас абеду, фаер-шоў з петардамі і іншы рух! У гэты час да гурта далучаецца падтанцоўка, якая часта змяняе назвы: "Гаечкі", "Зорачкі", "Плахішкі" (сышлі з "Харошак"), "ЭВМ" і "Расцішка". У 2006 да калектыву далучаюцца бас-гітарыст Андрэй "Эндру" Восіпчык, вядомы па гуртах EXSIST, LONG PLAY і PARASON, бубнач Юрый Сізоў. Дзяніс мяняе баян на гітару, Паша раяль на флейту, і ў 2007 годзе ансамбль прыступае да запісу першага і пакуль адзінага альбома "Розавы закат". У запісе прынялі ўдзел усе вышэйзгаданыя музыкі, а таксама заснавальнік гурта "Ананімка і Касіяпея" Ліберзон. Частка матэрыялу была запісаная на хатняй студыі Юрыя "Хобіта" Купрашова, а астатняе - на студыі "Селах". У актыве гурта сярод іншых канцэрты ў мінскім "Палацы мастацтваў" з "Сашам і Сірожам", у маскоўскім "Цэнтры імя Меерхольда", у віленскім знакамітым клубе BiXX.