— Блажэнны вялікія і добрыя духам, якія б малыя яны ні былі.
— Блажэнны тыя, што плачуць па сваёй зямлі, няма ім суцяшэння… Блажэнны тыя, хто ахвяруе людзям кроў сваю і свой гнеў, таму што на рахманых ездзяць.
— Блажэнны міратворцы, калі не прыніжаны чалавек… Блажэнны выгнанцы за праўду… Блажэнны, калі выходзіце са зброяй за просты, бедны люд і падаеце… Таму што тады вы — соль зямлі і святло свету. Любіце і мірыцеся. Але і ненавідзьце тых, хто замахваецца на вас і вашу любоў. Мячом, занесеным над моцнымі, над хцівымі, над забойцамі праўды, дайце ўсім простым мір. І як спытаюць, нашто прыйшлі, адкажыце: адпусціць змучаных на свабоду, рабоў — з ланцугоў, бедных — з халуп, мудрых — з турмаў, гордых — з ярма.
(Уладзімір Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні)